Этнографическое наследие деревни Красновка

   Кожны куток беларускай зямлі мае сваю гістарычную спадчыну. На прыкладзе яе і выхоўваецца любоў да родных мясцін, да традыцый свайго народа. Не шмат  з іх дайшлі да нас, прайшоўшы нялёгкі шлях. Ці ж гэта не цуд, што час іх не сцёр з памяці людзей, што нават стагоддзі не зруйнавалі гэтую памяць. А мы гэтую памяць павінны працягваць, бо гэта вельмі важна не толькі для нас, але і для нашых пашчадкаў.
Беларускі народ знаходзіцца ў наш час на крытычным пераломе ў сваім гістарычным існаванні – сцвярджае і адраджае старажытнасць, непаўторнасць і самабытнасць сваёй нацыянальнай культуры.[2, с.17]
Народная культура абапіраецца на традыцыі, якія адыгрываюць выключную ролю ў міжпакаленных сувязях, у захаванні спадчыны, у забеспячэнні жыццядзейнасці народа.
Таму сёння і ўзрастае роля нацыянальнай (традыцыйнай) культуры, якая тоіць  у сваіх глыбінях  самабытныя абрады і святы.
Для нас, сённяшніх, як і для многіх пакаленняў нашых продкаў, абрад – гэта сімвалічнае сілкаванне механізму падтрымкі гармоніі ў прыродзе, грамадстве, у сваёй сям’і, у самім сабе. [1, с.10] Той, хто падтрымлівае сваімі паводзінамі спадчыну продкаў, той у рэшце рэшт атрымае сямейны дабрабыт, поспех у гаспадарчых справах, здароўе. Нашы традыцыі, абрады і святы – гэта наша самабытнасць і непаўторнасць.
Абрад – гэта кансалідацыя энергіі, пажаданняў, прыярытэтаў, якія дапамагаюць цвёрда стаяць нагамі на зямлі, паважаць сваіх продкаў, верыць у будучыню.[1, с.10]
Народ, які не мае сваіх нацыянальных традыцый і беззваротна губляе іх, не мае будучыні.[4, с.6]
1. Гістарычныя корні беларускіх традыцый.
2. Праяўленне цікавасці моладзі да гістарычнай спадчыны свайго краю.
   На аснове вывучэння абрада “Свята Успення Прасвятой Багародзіцы”(Першая Прачыстая) захаваць абрады і традыцыі свайго краю і зацікавіць моладзь вывучаць іх, прымаць удзел у іх правядзенні.
Задачы :
1. Вызначыць, адкуль пайшла гэтая традыцыя, як яна зарадзілася;
2. Занатаваць яе;
3. Зацікавіць моладзь вывучаць традыцыі і абрады свайго краю, прымаць  актыўны  ўдзел у правядзенні абрадаў і свят.
    Метады даследавання:
1. Успаміны жыхаркі вёскі Краснаўка Ліпінай Надзеі Маркаўны, 1923 года нараджэння, і яе дачкі Канавалавай Таццяны Іванаўны, бібліятэкара Краснаўскай сельскай бібліятэкі. 
2. Апытанні сталых людзей вёскі Краснаўка.
3. Здымкі правядзення першых адноўленых шэсцяў з Абразам Успення Прасвятой Багародзіцы.
4. Даследаванне гістарычных дакументаў з кнігі “Памяць. Светлагорскі раён.
Традыцыі  больш за 100 гадоў. Сутнасць гэтага абраду ў тым, што жыхары вёскі Краснаўка раз у год, на хрысціянскае свята Успення Прасвятой Багародзіцы, якое адзначаецца 28 жніўня, пераносяць з хаты ў хату ікону “Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы”. (  Дадатак 1)
 Гэта ікона для іх як абярэг. Ёй моляцца, давяраюць самае патаемнае, асабістае, лічаць, што яна аберагае і хату, і  яе жыхароў  ад няшчасцяў.
Нашэнне іконы з хаты ў хату ў дзень  прастольнага вясковага свята – гэта ўпрыгажэнне паўсядзеннага побыту сялян. Гэты хрысціянскі абрад накладваецца на далёкі паганскі абрад “Дажынкі”. Свята Успення Прасвятой Багародзіцы, якая закончыла сваё зямное жыццё ў гэты дзень, у народзе яшчэ называюць Прачыстая. У нашых продкаў-язычнікаў гэты час лічыўся часам заканчэння жніва - поле павінна было быць чыстым! Такое сумяшчэнне побытавага паганства з абрадавым хрысціянствам з’яўляецца тыповым для нашага народа. Хрысціянская ідэя не магла адмовіць тысячагадовую народную (язычніцкую) рэлігію і прыстасоўвалася да мясцовых умоў, спалучала старажытныя народныя звычаі і аграрна-каляндарныя абрады.[4, с.24]
        Мы лічым, што наша даследаванне будзе цаглінкай у агульнай гістарычнай памяці нашага шматпакутнага народа.

Глава I   З вытокаў
           1.1. Этнаграфічная спадчына
Кожны народ мае ўласную гісторыю і культурную спадчыну, што ўяўляе сабой шматвяковы вопыт і творчы плён многіх пакаленняў. Народ заўсёды з’яўляецца і творцам і носьбітам нацыянальных традыцый, захоўвае іх і ўзбагачае, перадае ў спадчыну сваім нашчадкам.[ 4, с.3]
Наш народ не раз быў на мяжы генацыду і вынішчэння, а яго культура і традыцыі пасля чарговай навалы зноў і зноў адраджаліся, перадаваліся ў спадчыну наступным пакаленням.
Вывучэннем і захаваннем этнаграфічнай спадчыны займаецца этнаграфія – навука аб этнасах (народах), іх паходжанні і культурных традыцыях.
Этнаграфія – гэта слова грэчаскага паходжання: ethnos – племя, народ, grapho – пішу, даслоўна – “апісанне народаў”.[4, с. 3]
Асноўнымі раздзеламі этнаграфічнай навукі з’яўляюцца этнагенез, этнічная гісторыя, традыцыйная (народная) побытавая культура.
Кожны народ мае свае звычаі,традыцыі, абрады, якія выпрацаваліся на працягу многіх вякоў. Але звычаі – гэта не асобная з’ява ў жыцці народа, гэта – светаадчуванне, светаўспрыманне і ўзаемаадносіны паміж асобнымі людзьмі. А ўсё гэта непасрэдна ўплывае на духоўную культуру народа, на працэс ўзнікнення народнай творчасці, яе традыцый і абрадаў.
Традыцыя – гэта ўстойлівая з’ява, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне на працягу 100 і больш гадоў. [ 4, с.6]
Абрады – састаўная частка традыцыйна-побытавай культуры народа. Яны зарадзіліся ў першабытным грамадстве, калі людзі імкнуліся патлумачыць незразумелыя ім з’явы прыроды. Абрады былі звязаны з гаспадарчай дзейнасцю, бытавымі ўмовамі, грамадскімі адносінамі і падзяляліся на каляндарна-вытворчыя, сямейна-бытавыя, грамадскія і царкоўныя.
Абрад – гэта комплекс дзеянняў, з дапамогай якіх магічным шляхам можна дабіцца жадаемага выніку. [ 2, с. 23]
Абрад мае складаную структуру. Для яго правядзення трэба ўлічваць наступныя складнікі: час дзеяння, месца, галоўныя ўдзельнікі, галоўныя абрадавыя дзеянні, абрадавыя рэчы або абярэгі і шмат іншых, зыходзячы з сутнасці абрада. [1, с. 11]
Значны ўплыў на храналогію падзей беларускага народнага календара аказала хрысціянскае летазлічэнне, у аснову якога пакладзены падзеі з жыцця Ісуса Хрыста і Багародзіцы. [1, с. 12]. Напрыклад, народным Калядам адпавядае хрысціянскае Раство Хрыстова, Дажынкам – Успенне Прасвятой Багародзіцы, і гэтак далей.
Адной з найбольш распаўсюджанай дзеяй з’яўляюцца абходы. Некаторыя з іх выконваюць ахоўна-абараняльную функцыю. У хрысціянскі час да абярэгаў нашы продкі далучылі іконы.
Наш край мае цікавую тысячагадовую гісторыю. Продкі рассяляліся ўздоўж ракі Бярэзіна. Па берагах ракі былі іх стаянкі, аб чым сведчаць археалагічныя помнікі-курганы, тапонімы, а таксама народныя традыцыі, абрады і святы.
Адой з такіх традыцый, якая зацікавіла нас, з’яўляецца абрад пераносу іконы “Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы” з хаты ў хату. Тут мы бачым наступныя складнікі абраду:
1. спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай ідэй – Прачыстая або Дажынкі і Успенне Прасвятой Багародзіцы;
2. час дзеяння – канец жніва і заканчэнне зямнога жыцця Прасвятой Багародзіцы;
3. галоўныя ўдзельнікі – усе жыхары вёскі і абавязкова моладзь і дзеці;
4. галоўнае абрадавае дзеянне – абход кожнага двара, перанос іконы з адной хаты ў другую, чытанне малітваў;
5. абрадавы атрыбут – ікона “Абраз Прасвятой Багародзіцы”;
6. сэнс дзеяння – магічным шляхам дабіцца жадаемага выніку: аховы хаты, сядзібы, гаспадаркі і сям’і.
Абрад пераносу іконы з хаты ў хату ёсць форма захавання нацыянальнай традыцыі, яе духоўнага багацця. Сама па сабе ікона – аб’ект матэрыяльнай культуры, які стаў асабліва дарагім, незалежна ад кошту, за які яна была набыта. Яна мае сімвалічны, сакральны сэнс, выпраменьвае чароўную “ауру”. Гэта святыня, што выхоўвае цэлыя пакаленні.
Зараджэнне традыцыі
        Адкуль пайшла традыцыя адзначаць свята Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Краснаўка?
        Мы апыталі жыхарку вёскі Краснаўка Ліпіну (Філіпчык) Надзею Маркаўну (Дадатак 2)
 і яе дачку, бібліятэкара Краснаўскай сельскай бібліятэкі Канавалаву Таццяну Іванаўну, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі;  пазнаёміліся з гістарычнымі дакументамі, што занатаваны ў кнізе “Памяць. Светлагорскі раён”; апыталі жыхароў вёсак, што ў наваколлі нашай школы і вызначылі наступнае:
          у ХIХ стагоддзі цэрквы былі не ў кожнай вёсцы, а толькі ў сёлах. У пачатку ХIХ стагоддзя буйнейшай вёскай – сялом  у нашай краі была Каралеўская Слабада. У ёй і была прыходская Дабравешчанская царква. Калі яна была пабудавана, невядома, а вось адноўлена была ў 1869 годзе на сродкі дзяржавы. Пабудова была драўляная, на каменным  падмурку, у выглядзе працяглага крыжа, з трыма глухімі купаламі. Калакольня (званарня) была асобна. Іканастас быў новы, з пятнаццаццю маскоўскімі іконамі ў пазалочаных рамах. Агульны ўнутраны фон – белы. Метрычныя запісы вяліся з 1823 года. Пры царкве была хатняя школка для сялянскіх дзяцей.
    Прыход складаў, акрамя сяла Каралеўская Слабада, наступныя дванаццаць вёсак: Стасеўка, Васілёўка, Дражня, Краснаўка, Міхайлаўка, Тумараўка, Данілоўка, Майсееўка, Беліца, Коўчыцы, Забалацце, Крукі. Асноўныя службы адбываліся ў самой царкве, а адзін раз на год, у прастольнае свята вёскі, праходзіў малебен у кожнай з гэтых вёсак.
Назва вёскі
Дата правядзення свята
Прастольнае свята
Каралеўская Слабада
7 красавіка
Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы
Коўчыцы-1, Забалацце

Дзень Святой Тройцы
Стасеўка, Васілёўка, Дражня
19 жніўня
Перамяненне Гасподняе (Спас)
Краснаўка
28 жніўня
Успенне Прасвятой Багародзіцы
Завічча, Малімоны
21 верасня
Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы (Праскінка)
Крукі, Данілоўка, Коўчыцы-2
14 кастрычніка
Пакроў Прасвятой Багародзіцы
Майсееўка, Тумараўка
22 мая
Дзень Святога Мікалая (веснавога)
Міхайлаўка
21 лістапада
Архістраціга Міхаіла
    На сваё прастольнае свята жыхары кожнай з вёсак запрашалі настаяцеля Дабравешчанскай царквы. Ён служыў малебен, асвячаў могілкі, хаты жыхароў, праводзіў іншыя абрады.
      Адным з такіх абрадоў у вёсцы Краснаўка быў абрад нашэння іконы з хаты ў хату. Тут больш за сто гадоў знаходзіцца ікона «Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы». Яна пераносіцца з хаты ў хату        28 жніўня, калі ў вёсцы адзначаецца прастольнае свята Успенне Прасвятой Багародзіцы.
       Абрад, які мы даследавалі, вядомы з 1903 года. Аб гэтым мы даведаліся з запісу, які ёсць на іконе: “ Сия икона сооружена усердием крестьян д. Красновка (стоимостью 15 руб) для ношения по домам. 1904 год. Освящена 15 августа 1904г.”

1.2.         Успаміны  Ліпінай Надзеі Маркаўны аб свяце Абраза Успення Прасвятой Багародзіцы
Аб  тым, што ікона шанавалась у вёсцы, сведчаць аповеды старажылаў. Вось што ўспамінае  Ліпіна  (Філіпчык) Надзея Маркаўна, 1923 года нараджэння, ураджэнка вёскі Краснаўка:
“ У нашай памяці, людзей старэйшага пакалення, якія жывуць яшчэ і сёння, захавалісь успаміны, як гэта ікона кожны год пераносілась з адной хаты ў другую ў дзень святкавання Успення Прасвятой Багародзіцы (28 жніўня).
У памяці маіх аднавяскоўцаў засталося яшчэ і тое, як нашыя прадзеды Даніла і Юрый у дзень свята Успення Прасвятой Багародзіцы прывозілі  бацюшку з бліжэйшай  царквы, што размяшалася ў мястэчку Парычы, на конях, каб перанесці Ікону з адной хаты (у якой яна прастаяла год) у другую. Настаяцелем у той час быў айцец Васілій Крукаўскі. Ікона пераносілась з малітвай, славячы Абраз Прасвятой Багародзіцы.
У тыя гады  Ікону пераносілі дзяўчаткі-падлеткі.
Колькі  Ікона падарожнічала  па нашай вёсцы Краснаўка, гэтага мы не можам падцвердзіць. Ведаю адно, што пачала яшчэ да рэвалюцыі, магчыма, у 1903 годзе.
У 1939 годзе, перад вайной, спыніўся перанос Іконы Прасвятой Багародзіцы  ў доме Данілы Філіпчыка  і яна нібы сваім покрывам аберагала жыхароў гэтага дома. Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы  ўслаўляўся сям’ёй Данілы Філіпчыка. Ікона была ў доме і ў час акупацыі. Немцы не пярэчылі яе знаходжанню ў доме.
У 1944 годзе 14 сакавіка  гаспадары дома былі вывезены ў канцэнтрацыйны лагер, адкуль гаспадар - Даніла - не вярнуўся, памёр у лагеры. Жонка Еўдакея вярнулася дадому. Ікона была ў доме не пашкоджаная, знаходзілась ў надзейным месцы.
Калі Еўдакея вярнулася з лагера, яна  сабрала ўсю сваю сям’ю. Хату сваю яны  здавалі пад арэнду малочнай для збору малака, потым пад хату-чытальню, хаця і самі жылі  ў ёй. Хата-чытальня знаходзілася ў доме да 1954 года. Знаходзіўся ў гэтым доме і медыцынскі пункт. У той часу ў медыцынскім пункце працаваў фельшар Андрэеў Федар Васільевіч, які і прапанаваў гаспадыні схаваць Ікону. Гаспадыня  Еўдакея з сумам і  са слязамі вынесла Ікону ў клець. Яна з малітвай  раніцай і ўвечары наведвала прыстанішча Іконы. У клеці Ікона знаходзілась да дня канчыны Еўдакеі. Памерла Еўдакея ў 1961 годзе. Хавалі яе  з бацюшкам Макарыем. Пасля пахавання прыхажане Парычскай царквы Дар’я і Елізавета звярнуліся да бацюшкі Макарыя з просьбай, каб ён даў параду: ці  можна аднавіць старыя  традыцыі і працягнуць нашэнне Іконы з адной хаты ў другую ў наступным годзе.
Паколькі гады былі застойныя і было спынена духоўнае ўзнаўленне, бацюшка Макарый  канкрэтнай парады не даў, а прапанаваў звярнуцца да  дзяцей Данілы. Дзеці яго дазволілі  Дар’і і Елізавеце ўзяць Ікону да сябе. Так Ікона Успення Прасвятой Багародзіцы пасля смерці Еўдакеі ( у 1961 годзе) была перанесена ў дом Дар’і. Тут яна  знаходзілась з 1961 года па 1992 год.
У 1992 годзе пры актыўным удзеле Ліпінай Надеі Маркаўны ўзнавілась традыцыя пераносу Іконы «Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы» ў дзень святкавання  Успення Прасвятой Багародзіцы (28 жніўня). У гэты дзень Ікону з благаслаўленнем, почасцямі і праслаўленнем святымі малітвамі, перанеслі з дома дзяцей (пакойнай Дар’і) у дом Ліпінай Надзеі Маркаўны.
 Глава II     Традыцыя працягваецца
   2.2  Працяг  традыцыі ў наш час
Па просьбе жыхароў вёскі Краснаўка і асабістай  просьбе прыхажанкі Ліпінай Надзеі Маркаўны на свята Успення Прасвятой Багародзіцы былі запрошаны ўсе служыцелі храма Святой Марыі Магдалены г.п. Парычы і настаяцель а. Уладзімір Сямёнаў. У дзень святкавання Успення Прасвятой Багародзіцы 28 жніўня, на перакрыжаванні дарог ад шасэ да ўваходу ў вёску быў вынесены стол, на якім былі пастаўлены букеты з кветкамі, запалены свечкі і ляжаў хлеб-соль.  ( Дадатак 3)
Жыхары вёскі, у святочным адзенні, сустракалі царкоўных служыцелей і а.Уладзіміра. Была адслужана абедня ў гонар Іконы «Абраза Успення Прасвятой Багародзіцы». Пасля службы з Іконай шлі па вёсцы і асвячалі хаты.(Дадатак 4) 
 Быў асвечаны дом, дзе знаходзілась Ікона ўвесь год і дом, куды быў занесены Абраз Прасвятой Багародзіцы. Ікону па старой традыцыі насілі падлеткі.
  Гэтая традыцыя, так як і шмат гадоў назад, працягваецца і зараз. Памяняліся толькі служыцелі храма Святой Марыі Магдалены. (Дадатак 5)
З 2006 года малебен праходзіць каля дома, у якім ікона захоўвалася ўвесь гэты год. (Дадатак 6)
У чаканні прыезду настаяцеля Парычскай царквы сяльчане, якія прыйшлі на свята, знаёмяцца з выставай народнай творчасці, іх увазе прапаноўваецца канцэртная праграма.
Да назначанага часу прыязджае настаяцель Парыцкай царквы Роўнаапостальскай Марыі Магдалены і пеўчыя царкоўнага  хора. Перад іконай «Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы» настаяцель царквы адслужвае малебен, ўсе прысутныя пакланяюцца іконе, бацюшка акрапляе іх святой вадой, просячы ў Багародзіцы міру, радасці, дапамогі  для жыхароў вёскі, а таксама  для ўсіх,  хто прыйшоў на свята. ( Дадатак 7)
Узначальвала ўсё шэсце ікона «Абраз Успення Прасвятой  Багародзіцы», якую нясуць падлеткі.  Шэсце  ідзе павольна, увесь час чытаюцца малітвы. Па дарозе ікону сустракаюць астатнія жыхары вескі, цалуюць яе і просяць у Багародзіцы дапамогі ў справах жыццёвых  і ўразумення, падносяць і падводзяць да іконы дзяцей розных узростаў.
Ідучы па вуліцах вёскі, служыцелі царквы моляцца за ўсіх яе жыхароў. Па просьбе вяскоўцаў бацюшка заходзіць у іх двары і акрапляе іх святой вадой.(Дадатак 8) 
 Зрабіўшы абход з крыжам па ўсіх вуліцах вёскі, ікона ўносіцца ў прызначаны дом і з малітвамі ўстанаўліваецца ў «чырвоны кут» на адзін год. (Дадатак 9) 
Па традыцыі продкаў кожнае шэсце заканчваецца трапезай, на якую прысутных запрашаюць гаспадары дома, у якім застаецца ікона.
Шэсце, прысвечанае вялікаму святу “Успенне Прасвятой Багародзіцы” ў гэтым годзе (2015 год) сабрала звыш 50 веруючых. Такое шэсце адбываецца ўжо дваццаць пяты раз  у нашай вёсцы  і да яго далучаюцца новыя і новыя ўдзельнікі.
Мы даведаліся, што ікона ў гэтыя часы знаходзіліся ў дамах мясцовых жыхароў. (Дадатак 11)
2.2 Абрад  пераносу  іконы  ў  2015  годзе
Ікона ў гэтым годзе пяройдзе ў хату Радзявічус Ніны Нікіфараўны, хаця гэты абраз ужо быў  у хаце гаспадыні ў 2001 годзе.
Калі мы пацікавіліся, чаму ікону зноў бяруць  у гэтую хату, гаспадыня нам паведала наступнае .
 “Перад святам ёй прысніўся сон: пад’ехала да яе машына, а ў ёй сядзяць трое мужчын. Старэйшы з іх, невысокага росту, у цёмным адзенні, падобным на адзенне манаха, з невялікай бародкай падыходзіць да яе і тройчы пытае, чаму яна не бярэ ікону ў гэтым годзе. Калі Ніна Нікіфараўна прачнулася, то абдумала гэты сон, параілася са сваёй сям’ёй і разам вырашылі, што гэты сон прарочы,  і менавіта ёй неабходна  ўзяць ікону ў гэтым годзе ў сваю хату, нягледзячы на тое, што гэтая ікона нядаўна ( у 2001 годзе) ужо захоўвалася ў яе хаце. Аб гэтым рашэнні яна расказала аднавяскоўцам і яны пагадзіліся з прапановай Ніны Нікіфараўны ўзяць ікону ў яе хату.”
Калі мы апытвалі мясцовых жыхароў, чаму людзі бяруць ікону ў сваю хату, нам усе ў адзін голас адказвалі, што гэты абраз - іх абярэг, іх жыццё, шчасце, дабрабыт.
Гэтую традыцыю – перанос іконы з хаты ў хату - яны імкнуцца захоўваць зараз і перадаваць яе сваім нашчадкам. Менавіта пагэтаму перанос іконы давяраецца маладым, якія будуць  працягваць гэты абрад і ў будучым.
Яшчэ нас вельмі зацікавіла тое, што сцены ў хаце  Ніны Нікіфараўны былі завешаны вышыванкамі, на якіх былі выявы  Багародзіцы, Збаўцы нашага – Ісуса Хрыста, ангелаў.(Дадатак 11) 
Калі мы спыталі, хто ж гэты цуд стварыў, нам гаспадыня адказала, што гэтым займаецца яе дачка Аксана Стасаўна, якой зараз 43 гады. Займаецца яна гэтай справай  шчыра, з захапленнем, “па зову душы і сэрца”.
У наступным годзе гэтую ікону перададуць далей, іншым гаспадарам, якія будуць гэтак жа захоўваць яе і спадзявацца , што яна прынясе ім абарону ад няшчасцяў, няўдач, хвароб. І мы верам у тое, што так будзе працягвацца яшчэ шмат гадоў.
Заключэнне
Час няўмольны. Бягуць гады… І жывых сведкаў застаецца ўсё менш і менш. Таму зараз вельмі важна данесці да падрастаючага пакалення гэты абрад, бо без пераемнасці, без ведання гісторыі свайго краю немагчыма выхаванне сапраўднага грамадзяніна.
 Памяць аб вясковай традыцыі, якой  больш  за сто гадоў, жыве і зараз. 
 Вяскоўцы збераглі ікону-абярэг. Для маіх аднавяскоўцаў абрад мае вялікую каштоўнасць. Ікона “Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы” для іх мае сімвалічны, сакральны сэнс. Мы ўжо адзначалі, што ёй моляцца, давяраюць самае патаемнае, вераць, што яна аберагае і хату, і яе жыхароў ад няшчасцяў. Кожная сям’я імкнецца падрыхтавацца да гэтага дня так, каб менавіта ёй даверылі суседзі зберагчы абярэг-святыню. У нашы дні вяртаецца спрадвечная традыцыя ўдзелу ў святах і абрадах побач з дарослымі  і моладзі. Менавіта падлеткам давяраюць несці ікону падчас шэсця.
Каб гэтая традыцыя  болей не перарвалася, трэба, каб пра яе ведалі, памяталі, удзельнічалі ў яе правядзенні.
Мы вызначылі  адкуль пайшла гэтая традыцыя, калі і як яна зарадзілася. Для гэтага мы даследавалі гістарычныя дакументы, апыталі сталых  жыхароў вёскі Краснаўка, знайшлі фотаздымкі шэсцяў пасля адраджэння, склалі спіс  жыхароў, у доме якіх ікона захоўвалася з 1991 года.
Матэрыял, які мы сабралі і занатавалі ў гэтай працы, можна выкарыстоўваць на ўроках роднай мовы і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, на факультатыўных занятках па краязнаўству, а таксама карысным ён будзе  і для бібліятэкі.
Хто не дбае свайго,  той не цэніць і чужога! Гэта народная мудрасць прыдатна  і ў дачыненні да нашай працы. Мы хочам, каб нашчадкі ведалі, памяталі і самі ўдзельнічалі ў перадачы наступным пакаленням гэтай традыцыі. 








2 комментария:

  1. Вельмі цікавы аповед - гісторыя захавання іконы, прастольнага свята вёскі Краснаўка. А хто аўтар гэтай даследчай працы? вучні? настаўнікі?

    ОтветитьУдалить
  2. на першай фотокартцы - настаяцель храма раўнаапостальнага Мікалая Японскага ў вёсцы Дуброва(навабуд, адкрыта ў 2015 г) айтец Яўген. Вельмі добры бацюшка!

    ОтветитьУдалить